ДРУ́ЙСКІ КЛЯ́ШТАР БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ,

помнік архітэктуры барока. Пабудаваны ў 1643—46 у г.п. Друя Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. па фундацыі падканцлера ВКЛ Казіміра Сапегі. Комплекс уключае касцёл, кляштарны корпус, браму з агароджай. Касцёл — мураваная 3-нефавая 1-вежавая базіліка. На гал. фасадзе тарцы бакавых нефаў закрыты невял. аб’ёмамі з пластычнымі валютамі над імі, тарцы цэнтр. нефа — масіўнай 4-яруснай чацверыковай вежай-званіцай, завершанай купалам (дабудавана ў 1772). Інтэр’ер аздоблены ордэрнай пластыкай, лепкай у тэхніцы стука. Скляпенні захавалі дэкор 17 ст. ў выглядзе ляпных геам. кесонаў. Галоўны 2-ярусны алтар у стылі позняга барока выкананы ў 1764—67, амбон і 4 бакавыя алтары з элементамі стылю ракако — у 1779. З Пн да касцёла прылягае 2-павярховы мураваны будынак кляштара, які ўтварае прамавугольны замкнёны двор, з 3 бакоў абкружаны калідорам. Ансамбль дапоўнены мураванай арачнай агароджай з брамай (пабудавана ў 1778).

З 1852 касцёл стаў прыхадскім. У 1923—29 у памяшканнях б. кляштара бернардзінцаў дзейнічаў кляштар айцоў марыянаў (засн. па ініцыятыве віленскага біскупа і генерала ордэна марыянаў Ю.Матулевіча). У 1924 манахі-беларусы ордэна марыянаў арганізавалі школу (з 1930 гімназія імя Стафана Баторыя; у 1924—33 дырэктар А.Цікота). Гімназія вылучалася дэмакр. традыцыямі. У ёй вучыліся будучыя гісторык В.Ярмалковіч, пісьменнік Я.Германовіч, мастак В.Жаўняровіч, рэліг. дзеяч, заснавальнік б-кі імя Ф.Скарыны ў Лондане Ч.Сіповіч, д-р філасофіі Т.Падзява і інш. Марыяне падтрымлівалі Бел. хрысціянскую дэмакратыю, садзейнічалі адкрыццю бел. друкарні імя Ф.Скарыны ў Вільні, фінансавалі выданне бел. перыёдыкі і л-ры. З-за бел. накіраванасці да кляштара варожа ставіліся польскія свецкія і рэліг. ўлады. У канцы 1939 кляштар і гімназія зачынены сав. ўладамі. Некаторыя айцы марыяне знайшлі прытулак у лонданскім бел. марыянскім доме, заснаваным у 1964 ксяндзом Сіповічам.

Літ.:

Туронак Ю. Да гісторыі Друйскага Марыянскага манастыра // Браслаўскія чытанні. Браслаў, 1991;

Яго ж. Беларускія Марыяны ў Друі // Спадчына. 1991. № 5.

Т.В.Габрусь, К.С.Шыдлоўскі.

Друйскі кляштар бернардзінцаў. Галоўны фасад.

т. 6, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)